Майстар-клас «Маляваныя дываны» пройдзе ў Століне.

Столін, Беларусь

3 чэрвеня а 16-й і 18-й гадзіне.

 

Другі сезон культурна-спартыўнага фестывалю «Вытокi. Крок да Алiмпу» стартаваў 20-21 мая ў Рэчыцы і працягне свой шлях у другіх рэгіёнах краіны. Фестываль уяўляе сабой комплекс спартыўных, культурных, адукацыйных і сямейных тэматычных мерапрыемстваў.

Культурная праграма ўключае правядзенне майстар-класа на тэму: «Маляванка. Вытокі самабытнага мастацтва». Маляваны дыван (у перакладзе на рускую мову «расписной ковёр») — гэта від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, адзін з відаў размалёўкі. У 1930-1950-х гадах маляваныя дываны былі на сценах амаль у кожнай сялянскай, местачковай ці беднай гарадской хаце. Дываны малявалі звычайна на саматканым ільняным палатне, пафарбаваным часцей за ўсё ў чорны колер. Іншы раз у якасці асновы майстры выкарыстоўвалі паперу альбо цырату. Выконваліся яны адвольнай размалёўкай пэндзлем без папярэдняга нанясення грунту клеявымі ці алейнымі фарбамі. Тэхніка роспісу магла дапаўняцца ўжываннем набіванак і трафарэтаў. Паводле кампазіцыйна-дэкаратыўнага вырашэння адрозніваюць арнаментальныя, арнаментальна-выяўленчыя і сюжэтна-тэматычныя дываны. Яскравымі прадстаўнікамі роспісу маляваных дываноў з’яўляюцца мастакі-прафесіяналы: Язэп Драздовіч, Віктар Маркавец і самабытныя майстры: Алена Кіш, Фёдар Сухавіла, Леаніда Ючковіч, Павел Марціновіч. Пачынаючы з 1970-х гадоў узрос інтарэс да маляванкі сярод мастакоў тэкстылю, жывапісу і па сённяшні час яна не губляе сваёй папулярнасці.

1

Ужо з 3-га чэрвеня запрашаем наведаць выстаўку творчых прац і копій маляваных дываноў А.Кіш, Я.Драздовіча і інш., выкананых студэнтамі і выпускнікамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Удзельнікі майстар-класа змогуць стварыць памятны сувенір сваімі рукамі.

Заданне майстар-класа: дэкаратыўнае афармленне льняной сурвэткі малюнкам, выкананым у тэхніцы «набойка» альбо свабоднага роспісу.

Матэрыял: лён, акрылавыя фарбы па тканіне, трафарэт.

Дата і час правядзення: 3 чэрвеня а 16-й і 18-й гадзіне.

Месца правядзення: ДУК «Столінскі гарадскі Дом культуры», г. Столін, Камсамольская плошча, 1.

2

Арганізатары фестывалю «Vytoki»: Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, ТАА «АртХаос», ТАА «БелБрэндАўдыт».


Дата публикации: 01.06.2022