Майстар-клас «Маляванка. Вытокі самабытнага мастацтва»

Беларусь

май - жнівень 2022 г.

 

«Маляванка. Вытокі самабытнага мастацтва» – частка культурнай праграмы фестывалю «ВЫТОКІ», у якой прадугледжаны правядзенне мастацкай выстаўкі творчых прац і копій маляваных дываноў А. Кіш, Я. Драздовіча і інш., выкананых студэнтамі і выпускнікамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, а таксама майстар-класа, удзельнікі якога змогуць стварыць памятны сувенір сваімі рукамі.

Маляваны дыван (у перакладзе на рускую мову «расписной ковёр») — гэта від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, адзін з відаў размалёўкі. У 1930-1950-х гадах маляваныя дываны былі на сценах амаль у кожнай сялянскай, местачковай ці беднай гарадской хаце. Сваё распаўсюджванне атрымалі ў раённых цэнтрах Беларусі, асабліва ў Глыбоцкім, Шаркаўшчынскім раёнах Віцебскай вобласці, Слуцкім, Салігорскім раёнах Мінскай вобласці, на Палессі. Дываны малявалі звычайна на саматканым ільняным палатне, пафарбаваным часцей за ўсё у чорны колер. Іншы раз у якасці асновы майстры выкарыстоўвалі паперу альбо цырату. Выконваліся яны адвольнай размалёўкай пэндзлем без папярэдняга нанясення грунту клеявымі ці алейнымі фарбамі. Тэхніка роспісу магла дапаўняцца ўжываннем набіванак і трафарэтаў. Паводле кампазіцыйна-дэкаратыўнага вырашэння адрозніваюць арнаментальныя, арнаментальна-выяўленчыя і сюжэтна-тэматычныя дываны. Яскравымі прадстаўнікамі роспісу маляваных дываноў з’яўляюцца мастакі-прафесіяналы: Язэп Драздовіч, Віктар Маркавец і самабытныя майстры: Алена Кіш, Фёдар Сухавіла, Леаніда Ючковіч, Павел Марціновіч. Пачынаючы з 1970-х гадоў узрос інтарэс да маляванкі сярод мастакоў тэкстылю, жывапісу і па сённяшні час яна не губляе сваёй папулярнасці.

Выставачныя пляцоўкі «Маляванкі»:

г. Рэчыца: 20-22 мая 2022 г., Карцінная галерэя імя Аляксандра Ісачова;

г. Столін: 3-10 чэрвеня 2022 г., ДУК «Столінскі гарадскі Дом культуры»;

г. Навагрудак: 17-26 чэрвеня 2022 г., ДУК «Навагрудскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці»;

г. Горкі: 22-31 ліпеня 2022 г., Палац культуры БДСГА;

г. Полацк: 12-26 жніўня 2022 г., ДУК «Полацкі гарадскі Палац культуры»;

г. Капыль: 26 жніўня – 4 верасня 2022 г., ДУК «Капыльскі раённы цэнтр культуры».

Папярэдні запіс на ўдзел у майстар-класе па тэл.: +375 33 353 85 77.

Заданне майстар-класа: дэкаратыўнае афармленне льняной сурвэткі малюнкам, выкананым у тэхніцы «набойка» альбо свабоднага роспісу.

Матэрыял: лён, акрылавыя фарбы па тканіне, трафарэт.

Куратар майстар-класса: Ціханава Ксенія Андрэеўна, мастацтвазнаўца галерэі «АртХаос», выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, сябра Беларускага саюза мастакоў. 


Дата публикации: 14.05.2022