У гісторыі чалавецтва прыклады свядомага калекцыяніравання жывапісных твораў вядомыя з эпохі антычнасці, а на беларускіх землях – з апошняй чвэрці XVI стагоддзя. Менавіта ў гэты перыяд Мікалай Радзівіл Чорны паклаў пачатак знакамітаму нясвіжскаму збору, які энергічна папаўняўся яго нашчадкамі і налічваў, акрамя іншага, больш за 980 карцін, выкананых на палатне і дрэве.
Калекцыі выяўленчага мастацтва ўпрыгожвалі Ружанскі і Дзярэчанскі палацы Сапегаў, палац Храптовічаў у Шчорсах, маёнткі Хадкевічаў, Астрожскіх, Солтанаў, Лапацінскіх, Прозараў, Друцкіх-Любецкіх і іншых заможных сем’яў. Парадныя партрэты прадстаўнікоў роду, жывапіс і графіка выдатных заходнееўрапейскіх майстроў прыкметна павышалі прэстыж фаміліі ў грамадстве. Аднак з часам, на хвалі ўсеагульнай цікавасці да ўсяго нацыянальнага, а таксама дзякуючы дасягненням віленскай мастацкай школы, калекцыі нашых суайчыннікаў усё часцей сталі папаўняцца творамі мясцовых мастакоў. Яны адкрыта экспанаваліся для шырокай публікі іх уладальнікамі – Канстанцінам Тызенгаўзам, братамі Яўстахам і Канстанцінам Тышкевічамі, Іванам Луцкевічам, Генрыхам Вейсенгофам і іншымі, – і, разам з археалагічнымі знаходкамі, архіўнымі дакументамі, этнаграфічнымі матэрыяламі, былі закліканы ўзбагаціць веды народа аб яго каранях, гісторыі, мастацтве, культуры, садзейнічаць росту нацыянальнай самасвядомасці.
Глыбокая прыхільнасць да роднага, беларускага мастацтва ляжыць і ў аснове дзейнасці мастацкай галерэі «АртХаос». Дадзеная выстаўка прэзентуе частку калекцыі галерэі і ўключае творы, напісаныя з 1960-х гадоў па сённяшні час. У гэты перыяд сіламі навучальных устаноў нашай краіны адбываецца бесперапыннае выхаванне прафесійных мастакоў, у тым ліку – майстроў пэндзля. Індывідуальны почырк многіх з іх фарміраваўся ці ва ўмовах абмежаванняў савецкай ідэалогіі, ці пад уплывам творчых эксперыментаў замежных краін. Аднак апора на лепшыя мастацкія дасягненні, нацыянальную культурную спадчыну, удумлівае асэнсаванне навейшых тэндэнцый, дазволілі ім знайсці ўласную мастацкую мову. Адметныя рысы гэтай мовы робяць іх творы ўнікальнымі і пазнавальнымі. І, мабыць, праз іх выразна адчуваецца адметнасць нас – беларусаў – міралюбівых, гасцінных, спагадлівых, добразычлівых, рэлігійных, сумленных, талерантных, працавітых, цярплівых, акуратных, адказных. Захаваем гэтыя адметныя рысы, вернасць традыцыйным каштоўнасцям, любоў да чалавека і роднага краю, не толькі ў мастацкіх вобразах на палатне, але і ў сваім сэрцы.
У экспазіцыі прадстаўлены творы Сяргея Акеньшына, Уладзіміра Акулава, Дзяніса Барсукова, Ягора Батальёнка, Мікалая Бушчыка, Сямёна Дамарада, Міхаіла Даўгяла, Івана Дмухайла, Валер'яны Жолтак, Ларысы Журавовіч, Уладзіміра Зінкевіча, Марыі Ісаёнак, Мікалая Ісаёнка, Яўгена Каробушкіна, Міхаіла Крата, Міхаіла Ляўковіча, Юліі Мацура, Міхаіла Рагалевіча, Ядвігі Радзялоўскай, Алега Скавародкі, Уладзіміра Сулкоўскага, Уладзіміра Хадаровіча, Таццяны Чарных, Міхаіла Чэпіка, Леаніда Шчамялёва.
Выстаўка даступная для наведвання штодзень з 10.00 да 22.00. Уваход вольны.
Дата публикации: 25.03.2025